Напярэдадні Адзінага рэспубліканскага дня бяспекі, які штогод праходзіць у Беларусі 22 верасня, прадстаўнікі Белгідрамета наведалі дзяржаўную ўстанову адукацыі "Сярэдняя школа №105 г. Мінска" для правядзення інфармацыйнай гадзіны для 7-х класаў па тэме "Экалагічная бяспека".
Выдатнае сонечнае малавоблачнае надвор'е, лёгкі ветрык і камфортная тэмпература паветра спрыяюць добраму самаадчування, высокай прадукцыйнасці працы і матывуюць навучэнцаў да атрымання і засваення новых ведаў. Але, нажаль, такое восеньскае надвор'е бывае не заўсёды. Не трэба забываць і пра неспрыяльныя гідраметэаралагічныя з'явы, характэрныя для гэтага сезона года. Штодзённыя, на першы погляд, з'явы надвор'я могуць уяўляць сур'ёзную небяспеку для людзей або іх гаспадарчай дзейнасці. Спецыялісты Белгідрамета дапамаглі дзецям узгадаць асаблівасці кожнай з'явы. Вучні лёгка змаглі назваць асноўныя меры бяспекі падчас моцных дажджоў, навальніцы, туману або галалёдзіцы.

Дзеці праяўлялі вялікую цікавасць да прэзентацыі, актыўна ўдзельнічалі ў гутарцы. Мы ўпэўнены, што атрыманыя і замацаваныя веды будуць карыснымі і патрэбнымі пры ўзнікненні той ці іншай неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з'явы, будуць садзейнічаць фарміраванню пэўнага багажу ведаў аб надвор'і і ўсвядомленых, правільных паводзін дзяцей і моладзі.

У завяршэнні прэзентацыі, паводле традыцыі, была праведзена віктарына на веданне асаблівасцей геаграфіі, клімату і прыродных умоў Беларусі. Пераможцы віктарыны былі ўзнагароджаны прызамі, а таксама ўсім удзельнікам мерапрыемства былі ўручаны інфармацыйныя буклеты аб каляровым кодзе ступені небяспекі з'яў, аб рэкамендацыях насельніцтву аб правілах паводзін у неспрыяльныя з'явы надвор'я, а таксама закладкі з інфармацыйным напаўненнем.


